ШЧЫРЫЯ СЛОВЫ ТАБЕ ПРЫСВЯЧАЮ…

Матуля – самае дарагое, што ёсць у гэтым свеце. Гэта чалавек, якому ты можаш даверыцца поўнасцю і расказаць аб усім. Мы жывём у кадэцкім вучылішчы і можам абмяркоўваць нейкія пытанні з бацькамі толькі на выхадных, але і гэта важна: мы пачынаем цаніць тое, чаго штодзённа не заўважалі дома.
Гэты тыдзень у нашым вучылішчы быў прысвечаны Дню маці. Традыцыйна кадэты ўдзельнічалі ў шматлікіх мерапрыемствах і акцыях, якія ладзіліся ў імя любімых матуль: тэматычныя вечарыны, дзень вершаў пра маці, інфармацыйныя гадзіны.
А заключным мерапрыемствам тыдня 14 кастрычніка стала канцэртная праграма, куды былі запрошаны матулі, цёці, бабулі нашых кадэтаў. Са сцэны гучалі цёплыя словы, віншаванні, песні, адрасаваныя самым блізкім і дарагім людзям.

Лізавета Папко

 P.S. Акцыя для васьмікласнікаў “Шчырыя словы табе прысвячаю”.

Дарагая мая матуля!

Я вельмі сумую па табе, лічу дні да нашай сустрэчы. Я цябе вельмі люблю. Ты самае каштоўнае, што ёсць у маім жыцці.

         Успамінаю тыя дні, калі я яшчэ жыў дома і мы разам рабілі мае ўрокі, вучылі вершы. Хоць я і ныў часам, але з табою нельга было не вывучыць тыя вершы.

Я памятаю, як ты, выпраўляючы мяне ў школу, заўсёды жадала поспехаў. А зараз я паступіў у кадэцкае вучылішча, і мы бачымся вельмі рэдка. Твой голас у тэлефоннай трубцы заўсёды вяртае мяне ў цудоўныя дні маленства.

Мая любая мамачка, я цябе вельмі люблю і з нецярпеннем чакаю сустрэчы.

Юшкевіч Павел, 8 “Б” клас

 

Мая любая матуля!

Толькі цяпер, калі я ад цябе далёка, пачаў разумець, як многа ты для мяне значыш і як мне цябе не хапае.  Твая ласка для мяне, як адпачынак на мяккай свежай траве. Твае рукі такія пяшчотныя… Толькі ў цябе такія рукі.

Кожны раз, калі мы не разам, мяне ахоплівае непераадольны смутак. Хочацца абняць цябе, пацалаваць, пабыць з табою. Хоць на хвіліначку, але абавязкова пабыць.

Кузняцоў Дзмітрый, 8 “Б” клас

 

Дзякуй табе, дарагая матуля, за тое, што жыццё мне падарыла, што начамі не спала.

Дзякуй за любоў тваю бязмерную, у цяжкія часіны мяне бараніла твая вера. Ты ў мяне самая прыгожая, цудоўная, найлепшая. Толькі з табою я магу размаўляць пра самае таемнае, ведаючы, што пра гэта будзем ведаць толькі мы. Я ўпэўненая, што ты заўсёды дапаможаш у цяжкую хвіліну, шчыра парадуешся майму поспеху.

         Прабач мяне за тое, што я часам раблю табе балюча. Разумею, што раблю памылкі, але я толькі вучуся жыць. Павер, маё сэрца разрываецца на кавалкі, калі я бачу ў тваіх вачах слёзы. Я люблю цябе!

Барсевіч Алеся, 8 “Б” клас

 

Комментарии

Комментариев нет.

Оставить комментарий

(обязательно)

(обязательно)